БРЭ́СЦКАЕ ПЕРАДЛЕДАВІКО́ЎЕ,добрушскае перадледавікоўе, частка антрапагенавага перыяду перад наступленнем нараўскага зледзянення на тэр. Беларусі. Вылучана (Н.А.Махнач; 1971) як найб. стараж. ч. антрапагену працягласцю каля 400 тыс. гадоў. Паводле апошніх даследаванняў, брэсцкае перадледавікоўе адносіцца да 2-й пал. эаплейстацэну (каля 800—1200 тыс. гадоў назад) і адпавядае брэсцкаму надгарызонту (магутнасць да 20—30 м, залягае на глыб. 10—170 м). Паверхня тэр. Беларусі была выраўнаваная, найб. узвышаная на ПнУ. Рэкі цяклі на Пд і З. Адклады з глін, алеўрытаў з праслоямі пяскоў і торфу намнажаліся ў азёрах, шматлікіх на Пд і ПнЗ, у балотах і далінах рэк. Клімату былі ўласцівы значныя і частыя ваганні з паступовым пахаладаннем. Вылучаюцца 2 працяглыя халодныя перыяды (апошні больш суровы; у раслінным покрыве пераважалі разрэджаныя хваёва-бярозавыя лясы), падзеленыя менш працяглым цёплым часам, з кліматам і расліннасцю, блізкімі да сучасных. Паводле асаблівасцяў адкладаў і выкапнёвых рэшткаў раслін ўстаноўлена, што брэсцкае перадледавікоўе адпавядае частцы ніжняга плейстацэну Польшчы і Германіі, верхняму апшэрону і яго аналагам на тэр. Усх.-Еўрап. раўніны, а таксама менапу, бавелу і ніжняй ч. кромеру Нідэрландаў.

Літ.:

Махнач Н.А. Этапы развития растительности Белоруссии в антропогене. Мн., 1971;

Якубовская Т.В., Назаров В.И. Стратиграфическая схема отложений эоплейстоцена Беларуси // Докл. АН Беларуси. 1993. Т. 37, № 4.

Т.В.Якубоўская.

т. 3, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)